Мікалай Васільевіч Старажоў (08.08.1934, с. Стары Вышкаў, Навазыбкаўскага раёна, Бранскай вобл., Расія – 09.08.2004), юрыст. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989), доктар юрыдычных навук (1978), прафесар (1985). Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь (2000).
Навуковыя працы ў галіне аграрнага, зямельнага і экалагічнага права, часткова канстытуцыйнага права. Даследаваў праблемы развіцця і ўдасканалення аграрнага, зямельнага і экалагічнага права, прававога становішча сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, забеспячэння зямельна-аграрнай рэформы, удасканалення выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Адзін з аўтараў "Гісторыі дзяржавы і права Беларускай ССР" (т. 1-2, 1970–1976). Прымаў удзел у распрацоўцы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб Зямлі, Закона "Аб праве ўласнасці на зямлю", Закона "Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС", Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і інш. З 2003 г. член расійска-беларускай камісіі па распрацоўцы праекта Канстытуцыйнага Акта Саюзнай дзяржавы.
Аўтар больш за 100 навуковых прац, у т.л. 6 манаграфій.
Узнагароджаны медалём.