Алег Анатольевіч Стральчонак (18.10.1947, г. Кобрын, Брэсцкай вобл. – 05.03.2010), хімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994; чл.-кар. з 1989), доктар хімічных навук (1983).
Даследаванні ў галіне хіміі гармонаў і гарманальнай рэцэпцыі. Даследаваў структурную арганізацыю і заканамернасці функцыянавання мембранных сістэм пазнавання гармон-глікапратэінавых комплексаў. Вырашыў праблему стварэння комплексу сродкаў імунахімічнага мікрааналіза для ацэнкі функцыянальнага стану органаў і сістэм арганізма чалавека.
Аўтар больш за 180 навуковых прац, 35 вынаходак.
Дзяржаўная прэмія БССР 1988 г. за стварэнне навуковых асноў, распрацоўку тэхналогіі, арганізацыю доследнай вытворчасці і ўкараненне ў практыку аховы здароўя радыёдыягнастычных набораў.