Леанід Міхайлавіч Сушчэня (н. 11.11.1929, в. Малыя Лукі, Баранавіцкага р-на, Брэсцкай вобл.), заолаг, гідрабіёлаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1980; чл.-кар. з 1972), акадэмік АН СССР (1990), Расійскай АН (1991), доктар біялагічных навук (1970), прафесар (1980). Замежны член Польскай АН (1994), Літоўскай АН (1995). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
— Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1953).
— З 1956 г. асістэнт кафедры заалогіі беспазваночных Белдзяржуніверсітэта, з 1959 г. навуковы супрацоўнік Севастопальскай біялагічнай станцыі АН СССР, з 1964 г. загадчык аддзела фізіялогіі Інстытута біялогіі паўднёвых мораў АН УССР.
— З 1971 г. загадчык аддзела заалогіі і паразіталогіі АН БССР, з 1980 г. дырэктар Інстытута заалогіі АН БССР (з 1995 г. ганаровы дырэктар Інстытута), адначасова ў 1979 – 1992 гг. акадэмік-сакратар Аддзялення біялагічных навук АН Беларусі, у 1992 – 1997 гг. прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, з 1997 г. саветнік Прэзідыума НАН Беларусі.
Аўтар работ па першаснай і другаснай прадукцыі вадаёмаў, экалагічнай фізіялогіі, харчаванню, дыханню, росту і балансу энэргіі водных беспазваночных, ахове прыроды і навакольнага асяроддзя. Даследаваў інтэнсіўнасць фотасінтэзу планктону і размеркаванне ўзважанага арганічнага рэчыва ў трапічнай зоне Атлантычнага акіяна, Міжземным, Карыбскім морах і Рыжскім заліве. Распрацаваў важныя колькасныя аспекты трафалогіі і экалагічнай энэргэтыкі водных жывёл, усталяваў суадносіны паміж інтэнсіўнасцю метабалізму і ростам ракападобных ў розных экалагічных умовах.
У 1992 – 1998 старшыня камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі.
Галоўны рэдактар часопісаў "Даклады АН БССР" (1993–1992), "Весці АН БССР. Серыя біялагічных навук» (1985–1992).
Аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1988), Дружбы народаў (1986), Айчыны II ступені (2009), Айчыны III ступені (1999), Дружбы (1999, Расійская Федэрацыя), медалём.