Улашчык Уладзімір Сяргеевіч (03.02.1943 – 17.01.2018), н. в. Валіцкаўшчына, Мінскага р-на. Вучоны ў галіне фізічнай медыцыны. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009; чл.-кар. з 1989), доктар медыцынскіх навук (1974), прафесар (1980). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1996).
Асноўныя навуковыя даследаванні прысвечаны праблемам фізічнай медыцыны і медыцынскай тэхнікі. Вывучыў механізмы і заканамернасці дзеяння на арганізм шэрагу фізічных фактараў (пастаянны ток, ультрагук, мікрахвалі, мінеральныя воды, лячэбныя гразі і інш.), распрацаваў агульныя прынцыпы сучаснай фізічнай тэрапіі і прапанаваў новыя фізіятэрапеўтычныя метады і апараты. Навукова абгрунтаваў канцэпцыю комплекснага выкарыстання фізічных фактараў з прафілактычнымі, лячэбнымі і рэабілітацыйнымі мэтамі. Распрацаваў шэраг пытанняў агульнай тэорыі фізіятэрапіі. Унёс уклад у развіццё новага кірунку – аптымізацыю лячэбных уздзеянняў у медыцыне. Суаўтар адкрыцця "Заканамернасць акустычных ваганняў галаўнога мозгу". Распрацаваныя ім і яго супрацоўнікамі эфектыўныя спосабы і метады лячэння ўвайшлі ў метадычныя рэкамендацыі (больш 20) і з поспехам выкарыстоўваюцца ў многіх лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных установах. У лячэбных установах рэспублікі і краін СНД шырока выкарыстоўваюць распрацаваную ім фізіятэрапеўтычную апаратуру.
Аўтар звыш 600 работ, у тым ліку 35 манаграфій, падручнікаў і кіраўніцтваў, 80 вынаходстваў і патэнтаў, 25 фізіятэрапеўтычных апаратаў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1986 г. за комплекс работ па тэорыі і метадах ультрагукавой тэрапіі, выкананых у 1967 – 1983 гг.
Узнагароджаны медалём.