Васіль Робертавіч Вільямс (09.10.1863, Масква, Расія – 11.11.1939), глебазнаўца. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1928), акадэмік Акадэміі Навук СССР (1931), акадэмік УАСГНІЛ (1935).
Адзін з заснавальнікаў агранамічнага глебазнаўства. Абгрунтаваў вядучую ролю біялагічных фактараў у глебаўтварэнні, стварыў вучэнне аб малым біялагічным кругавароце рэчываў як аснове развіцця глеб, выказаў ідэю аб адзінстве развіцця неарганічнай і арганічнай прыроды. Распрацаваў агранамічныя мерапрыемствы па захаванні і павышэнні ўрадлівасці глеб, травапольную сістэму земляробства.
У 1968 г. УАСГНІЛ заснавана залатая медаль імя В.Р. Вільямса за выдатныя навуковыя працы ў галіне сельскай гаспадаркі.
Аўтар каля 470 навуковых прац, у т. л. 6 манаграфій.
Прэмія імя У.І. Леніна (1931).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1934), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1924, 1936).