Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі (10.02.1928, в. Семежава, Капыльскага р-на, Мінскай вобл. – 25.02.2013), навуковец і канструктар у галіне машынабудавання, грамадскі дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989; чл.-кар. з 1984), доктар тэхнічных навук (1976), прафесар (1978). Герой Беларусі (2006). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1975), Заслужаны работнік прамысловасці СССР (1991).
Пад яго кіраўніцтвам і пры яго асабістым удзеле створаны першыя беларускія аўтамабілі з мінскай маркай. Больш за паўстагоддзя ўзначальваў ў рэспубліцы распрацоўкі прагрэсіўнай аўтамабільнай тэхнікі. Распрацаваныя пры яго асабістым удзеле канструкцыі прычэпаў і паўпрычэпаў у сярэдзіне 1950-х гадоў з шэрагам унікальных навін (тарсіённая падвеска, герметычныя тармазы і апараты да іх) былі выкарыстаныя як шасі для мантажу перасоўных электрастанцый і сістэм кіравання для запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі. За гэты час пад яго кіраўніцтвам створана шэсць пакаленняў аўтамабільнай тэхнікі грузападымальнасцю ад 8 да 240 тон (больш за 300 мадэляў), большасць якіх серыйна выпускаюцца аўтамабільнымі заводамі, модульная канструкцыя аўтацягніка МАЗ-2000, запатэнтаванага ў пяці вядучых краінах і які не мае аналагаў у сусветным аўтамабілебудаванні. Адзін з ініцыятараў арганізацыі ў рэспубліцы ўласнай буйнамаштабнай вытворчасці першых мадэляў аўтобусаў Мінскага аўтазавода. Навуковыя даследаванні ў галіне тэорыі і канструявання мабільных машын. Распрацаваны метадалогія сінтэзу аптымальных маса-геаметрычных параметраў, аптымізацыі магутнасці, цягава-хуткасных уласцівасцяў і паліўнай эканамічнасці вялікагрузных магістральных аўтацягнікоў на аснове імітацыйнага мадэлявання іх руху з улікам характарыстык тыпавых дарожных умоў, канцэпцыя стварэння і метадалогія даследавання перспектыўных мабільных транспартных машын на аснове сістэмнага падыходу.
Аўтар больш за 450 навуковых прац, у т.л. 19 манаграфій, 145 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія СССР 1970 г. за стварэнне канструкцыі ўніфікаванага сямейства высокапрадукцыйных вялікагрузных аўтамабіляў, аўтацягнікоў і аўтасамаскідаў. Дзяржаўная прэмія БССР 1986 г. за распрацоўку і ўкараненне гнуткай аўтаматызаванай сістэмы паскораных выпрабаванняў машын, якія выпускаюцца.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1974), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1968), Айчыны III ступені (1998), Айчыны II ступені (2004).