Іосіф Віктаравіч Залуцкі (н. в. Мумішкі, Пастаўскага р-на, Віцебскай вобл. 05.09.1950 – 13.06.2018), анколаг. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004). Доктар медыцынскіх навук (1994), прафесар (2000).
Навуковыя даследаванні накіраваны на распрацоўку і ўкараненне ў клінічную практыку метадаў дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі. Вывучае магчымасці рэканструктыўных і аднаўленчых аперацый як вядучага звяна медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі. Ажыццявіў на практыцы ідэю выканання органасберагаючых радыкальных аперацый у пацыентаў з пухлінамі апорна-рухальнага апарата, мяккіх тканін, галавы і шыі. У выніку праведзеных ім даследаванняў стала магчымым вяртаць да сацыяльнай і працоўнай дзейнасці пацыентаў з другаснымі лімфедэмамі верхніх канечнасцяў пасля камбінаванага і комплекснага лячэння рака малочнай залозы, фарынгастомамі пры пухлінах гартані, вырабляць закрыццё дэфектаў пры шырокіх прамянёвых язвах. У апошнія гады праводзіць даследаванні ў галіне эпідэміялогіі, прафілактыкі і ранняга выяўлення пухлін.
Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-метадычных работ, у тым ліку 7 манаграфій, 17 патэнтаў.