Антон Рамановіч Жэбрак (27.12.1901, в. Збляны Зэльвенскага р-на, Гродзенскай вобл. – 20.05.1965), генетык і селекцыянер. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1940), доктар біялагічных навук, прафесар (1936). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1944).
— Скончыў Маскоўскую сельскагаспадарчую акадэмію (1925), Інстытут чырвонай прафесуры (1929).
— У 1934 – 1948 гг. прафесар, загадчык кафедры Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі.
— У 1940 – 1947 гг. член Прэзідыума АН БССР. У красавіку-кастрычніку 1947 г.прэзідэнт Акадэміі навук БССР.
— З 1949 г. загадчык кафедры Маскоўскага фармацэўтычнага інстытута.
— У 1953 – 1965 гг. кіраваў працамі па эксперыментальнай поліплаідыі ў Інстытуце біялогіі АН БССР, з 1963 г. у аддзеле генетыкі і цыталогіі АН БССР.
— Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1947 – 1951 гг.
Навуковыя працы прысвечаны гібрыдызацыі, поліплаідыі і селекцыі, галоўным чынам пшаніцы і грэчкі. Упершыню ў свеце атрымаў гібрыдныя пладавітыя формы ад скрыжавання многіх відаў пшаніц. Прааналізаваў філагеніі пшаніц і вёў перспектыўную селекцыю пшаніц на павышэнне імунітэту да хвароб і шкоднікаў, на павелічэнне ўтрымання бялку, памераў зярняўкі коласа.
Аўтар 70 навуковых прац, з іх 5 манаграфій.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944), Чырвонай Зоркі (1945), Знак Пашаны (1940), медалямі.