Дзмітрый Фёдаравіч Жылуновіч (Цішка Гартны) (04.11.1887, г.п. Капыль, Мінскай вобл. – 11.04.1937), беларускі пісьменнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гг. і грамадзянскай вайны.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. прадстаўнік рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, крытык, даследчык гісторыі беларускай літаратуры. Заснавальнік рабочай тэматыкі ў нацыянальнай паэзіі і прозе (зб. "Песні", 1913 г.). У найбольш значным творы-рамане "Сокі цаліны" (напісаны ў 1914 – 1929 гг., выдадзены ў 1922 – 1930 гг.) - паказаў шляхі фарміравання характару рэвалюцыянера, стварыў яркія вобразы сялян-местачкоўцаў. У сваіх творах адлюстроўваў рэвалюцыйныя падзеі і этапы сацыялістычнага будаўніцтва. У зборніках апавяданняў "Трэскі на хвалях" (1924) і "Прысады" (1927) паказаў падзеі грамадзянскай вайны, абуджаную рэвалюцыяй вёску. Аўтар п'ес, рамана пра калектывізацыю "Перагуды" (1935), артыкулаў па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі.