Стівен Чу (н. 28.02.1948, г. Сент-Луіс, шт. Міссурі, ЗША) – фізік-эксперыментатар. Замежны член НАН Беларусі (2017). Член НАН ЗША (1993), Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук (1992), Амерыканскага філасофскага таварыства (1998). Замежны член Акадэміі навук Кітая (1998), Карэйскай акадэміі навукі і тэхнікі (1998), Лонданскага каралеўскага таварыства (2014), доктар філасофіі (1976), прафесар (1987). Доктар honoris causa Расійскай АН (2012). Прэзідэнт Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі (2019).
Навуковыя працы ў галіне прыкладной фізікі. Выканаў даследаванні ў галіне фізікі палімераў і біяфізікі, быў адным з аўтараў міждысцыплінарнай фізіка-біялагічнай праграмы Bio-X, закліканай звязаць фізічныя працэсы з медыка-біялагічнымі ведамі аб жывых істотах. Распрацаваў метады візуалізацыі біямалекул і маніпулявання імі. Шэраг работ па альтэрнатыўных крыніцах энергіі ў галіне атрымання біяпаліва, штучнага фотасінтэзу, выкарыстання сонечнай энергіі. Распрацаваў метады астуджэння і ўлоўлівання атамаў з выкарыстаннем лазерных тэхналогій, якія прымяняюцца пры канструяванні прэцызійных атамных гадзіннікаў, а таксама пры дакладным пазіцыянаванні і ў касмічнай навігацыі.
Аўтар больш як 220 навуковых прац.
Нобелеўская прэмія па фізіцы (1997) за стварэнне метадаў астуджэння і ўлоўлівання атамаў лазерным промнем. Прэмія Герберта П. Броида (1987). Прэмія памяці Рыхтмайера (1990) за выдатны ўклад у фізіку і зносіны з выкладчыкамі фізікі. Міжнародная навуковая прэмія Караля Фейсала (1993) за навуковыя дасягненні. Прэмія А. Шаўлава па лазернай фізіцы (1994). Прэмія Гумбальта (1995).