Тьяу Ван Мінь (р. 11.02.1961, Ха Тінь, В'етнам) – вучоны ў галіне біяарганічнай хіміі. Замежны член НАН Беларусі (2014), доктар філасофіі (1993), прафесар.
Асноўныя навуковыя працы ў галіне біятэхналогіі і біяхіміі біялагічна актыўных рэчываў. Вядзе актыўную працу па супрацоўніцтве з навуковымі і вучэбна-педагагічнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь з мэтай выканання сумесных навуковых праектаў у сферы энергетыкі, біятэхналогій, хіміі і новых матэрыялаў, накіраваных на стварэнне новых кампазіцыйных матэрыялаў, сучасных лекавых прэпаратаў для аховы раслін, а таксама павышэнне энергетычнай бяспекі за кошт дыверсіфікацыі розных відаў паліва. Адзін з ініцыятараў стварэння сумеснай навукова-даследчай лабараторыі біятэхналогій прыродных і сінтэтычных біялагічна актыўных рэчываў цэнтра ВАНТАУ – НАН Беларусі ў мэтах развіцця сумеснай навукова-даследчай дзейнасці адпаведных арганізацый у галіне біятэхналогіі і біяхіміі біялагічна актыўных рэчываў; паскарэння камерцыйнага выкарыстання вынікаў навуковых даследаванняў.
Аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій, 6 патэнтаў.
Прэмія Міністэрства навукі і тэхналогій В'етнама (2005) за выдатныя дасягненні ў галіне навукі і тэхналогій у 2000-2005 гг. Нацыянальная прэмія В'етнама ў галіне навукі і тэхналогій (2012) за працу «Mining to use reasonably the Vietnamese marine organisms resources to produce the added value for the life».
Узнагароджаны медалямі.