Уладзімір Канстанцінавіч Шумны (н. 12.02.1934, с. Хоўны, Чарнігаўскай вобл., Украіна) – генетык. Замежны член НАН Беларусі (2000). Акадэмік АН СССР (1990; чл.-кар. з 1979), Расійскай АН (1991), Еўрапейскай АН (2002), замежны член НАН Украіны (2000), Нацыянальнай акадэміі аграрных навук Украіны (2003), доктар біялагічных навук (1974), прафесар (1982). Ганаровы прафесар Новасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Асноўныя даследаванні звязаныя з праблемамі гетэрозісу, поліплаідыі, аддаленай гібрыдызацыі раслін, трансгенеза. Выканаў цыкл даследаванняў па рэканструкцыі геному раслін метадамі аддаленай гібрыдызацыі, культуры клетак і генетычнай інжынерыі. Атрымаў новыя камбінацыі межродавых ячменна-пшанічных і ячменна-жытніх гібрыдаў як матэрыял для цытагенетычных даследаванняў. На іх аснове створаны замешчаныя і дадатковыя па асобным храмасомам лініі, што адкрывае магчымасці для стварэння новых гатункаў. Атрымаў унікальныя трансгенныя расліны, у геном якіх уведзены ген бэтаінфэрона чалавека і бактэрыяльны ген нуклеазы, што важна для стварэння новых біятэхналогій і атрымання трансгенных формаў раслін.
Аўтар каля 500 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 3 навучальных дапаможнікаў, 12 аўтарскіх пасведчанняў на раяніраваныя гатункі і 13 патэнтаў.
Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН ім. акадэміка В.А. Капцюга (2007) за працу "Рэарганізацыя ядзернага і цытаплазматычнага геномаў пры стварэнні новых формаў травы метадамі біятэхналогіі".
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), «Знак Пашаны» (1982), «За заслугі перад Айчынай» III (2007) і IV (1999) ступеняў, залатым медалём ім. М.І. Вавілава РАН (2007), іншымі медалямі.